Падведзены вынікі конкурсу "Буслік-2015". Гульня-конкурс "Буслік-2015" праводзілася 19 лютага 2015 года. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 99 589 навучэнцаў з 2 797 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. |
У гульні-конкурсе "Буслік-2015" у параўнанні з 2014 годам колькасць удзельнікаў у краіне зменшылася на 4479. Найбольшая колькасць удзельнікаў была зарэгістравана ў г. Мінску. Больш за 20 тысяч юных мінчан вырашылі праверыць свае веды па беларускай мове, літаратуры і мовазнаўству. Размеркаванне ўдзельнікаў па рэгіёнах адлюстравана на дыяграме:
Конкурс "Буслік-2015" праводзіўся па пяці варыянтах заданняў: для 3-4-х, 5-6-х, 7-8-х, 9-х і 10-11-х класаў. Найбольшую актыўнасць праявілі навучэнцы 3-9-х класаў. Прыемна адзначыць, што ў конкурсе пажадалі прыняць удзел некалькі вучняў 2-х класаў. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:
Нагадаем, што па правілах конкурсу за кожны правільны адказ у залежнасці ад складанасці пытання ўдзельніку налічаюцца 3, 4 ці 5 балаў. Няправільны адказ ацэньваецца чвэрцю балаў, прадугледжаных за дадзенае пытанне, і залічваецца са знакам "мінус". Але калі ўдзельнік не дасць адказу, то захавае набраныя раней балы. Узровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, што адказалі на іх правільна. Ніжэй на дыяграмах прыведзены дадзеныя аб працэнтным складзе ўдзельнікаў, якія правільна адказалі на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці выдзелены рознымі колерамі. Пазнаёміцца са зместам конкурсных заданняў можна на старонцы конкурсу “Буслік” у раздзеле Заданнi.
Заданне для 3-4 класаў выконвалі і самыя юныя ўдзельнікі, якія навучаюцца ў 2 класе. З-за адсутнасці па тэхнічных прычынах варыянту з правільным адказам і для таго, каб паставіць усіх удзельнікаў у аднолькавыя ўмовы, пытанне №14 гэтага задання не ацэньвалася.
Найбольшую колькасць правільных адказаў (75%) самыя юныя ўдзельнікі гульні далі на пытанне №1 аб колькасці склонаў у беларускай мове. А вось на пытанне як правільна пішацца назва пятага, самога малога, пальца на руцэ і назе (пытанне №23) змаглі адказаць толькі 9% вучняў.
Аналагічная інфармацыя аб выкананні заданняў вучнямі 5-6-х класаў:
Для ўдзельнікаў гэтай групы самым лёгкім аказалася пытанне №1 задання. 93% хлопчыкаў і дзяўчынак ведаюць, колькі дзён у тыдні. Найбольш складаным аказалася пытанне №27. Толькі 13% удзельнікаў змаглі выбраць правільны адказ на пытанне аб дні тыдня, які ў даўнія часы лічыўся адным з найбольш спрыяльных для пачатку важных для гаспадаркі і значных у сямейным плане спраў.
Інфармацыя аб выкананні заданняў вучнямі 7-8-х класаў:
У заданні для вучняў 7-8 класаў пытанне №22 не ацэньвалася па прычыне адсутнасці правільнага варыянта адказу. Найбольшая колькасць правільных адказаў (70%) у гэтым заданні была дадзена ўдзельнікамі на пытанне №10, дзе трэба было выбраць словы, у якіх правільна пастаўлены націск. Найменш паспяхова канкурсанты справіліся з падлікам мяккіх зычных у словах з вершаваных радкоў Г. Бураўкіна (пытанне №17). Толькі 12% вучняў далі правільны адказ на гэтае пытанне.
Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9-х класаў:
Найбольш паспяхова дзевяцікласнікі справіліся з выбарам правільнага адказу на пытанне №12. Правільна запісаныя лічэбнікі з дадзеных дакладна выбралі 69% удзельнікаў гульні. А вось дакладна выбраць назоўнікі мужчынскага роду ў пытанні №26 здолелі толькі 12% вучняў. Гэтае пытанне стала самым складаным для канкурсантаў.
Звесткі па 10-11-х класах:
Большасць старшакласнікаў знаёмы з ўстойлівым спалучэннем слоў “кідацца ў вочы” і здолелі дакладна адказаць на пытанне №4, якое стала лідэрам па колькасці правільных адказаў (74%). Аднак з народнай мудрасцю “Калі хлеб – усяму галава, то лён – усяму душа” знаёмы не многія юнакі і дзяўчаты. Толькі 16% удзельнікаў змаглі адказаць на пытанне №28 пра гэтую народную прымаўку. Пры адказе на гэта пытанне было дапушчана больш за ўсе памылак.
Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:
Кожны ўдзельнік конкурсу, яго настаўнік, бацькі могуць азнаёміцца з выкананым заданнем, прааналізаваць яго, правесці «працу над памылкамі». Для таго каб праверыць, як справіўся з заданнем канкрэтны ўдзельнік, можна скарыстацца спасылкай у полі з прозвішчам і імем вучня ў выніковай табліцы. Можна ўбачыць адказы ўдзельнікаў на кожнае пытанне задання, правільныя варыянты адказаў, прамежкавыя і канчатковыя вынікі (больш падрабязна гл. артыкул Как посмотреть результаты участия в конкурсе).
Звяртаем увагу на важны момант арганізацыі і правядзення конкурсу – захаванне правілаў усімі ўдзельнікамі і арганізатарамі! Аргкамітэт з жалем паведамляе, што па выніках работы дыскваліфікацыйнай камісіі, выяўлены выпадкі парушэння правілаў гульні-конкурсу ў асобных установах адукацыі і асобнымі ўдзельнікамі, як і раней ёсць дыскваліфікаваныя. Дыскваліфікацыя асобных удзельнікаў і ўстаноў праводзіцца ў інтарэсах той большасці, хто прымае ўдзел у конкурсе і гуляе пры гэтым па правілах. Напамінаем таксама, што ўдзельнікам не трэба падманваць і саміх сябе, калі яны спрабуюць даваць адказы на пытанні не будучы ўпэўненымі што яны правільныя. Аналіз вынікаў конкурсу паказвае, што ў асноўным усе ўдзельнікі, за рэдкім выключэннем, адзначаюць усе 24 ці 30 клетак у полі адказаў і губляюць 20% балаў, набраных за правільныя адказы. Яшчэ раз нагадваем, што самастойная работа над заданнем – галоўнае патрабаванне да ўдзельнікаў конкурсу.
Аргкамітэт віншуе ўсіх удзельнікаў конкурсу "Буслік-2015". Кожны ўдзельнік атрымае прыз «для ўсіх». Прадугледжваецца дадатковае ўзнагароджванне ўдзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі. Аргкамітэт і аўтары заданняў спадзяюцца, што ўдзел у гульні-конкурсе аказаўся цікавай і карыснай падзеяй, паспрыяў абуджэнню цікавасці вучняў да вывучэння беларускай мовы, імкненню ўдасканальваць сваю пісьменнасць, пашыраць слоўнікавы запас, свядома ўжываць вывучаныя правілы. Спадзяемся, што пытанні заданняў, якія ўтрымліваюць цікавую і карысную інфармацыю, паслужаць штуршком да набыцця новых ведаў у галіне мовазнаўства, а таксама гісторыі, культуры, прыроды Беларусі, этыкі жыцця, паводзінаў чалавека, знаёмства з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, вуснай народнай творчасцю.
Выказваем падзяку нашым арганізатарам у раёнах (гарадах) і ва ўстановах адукацыі, якія адказна ставяцца да арганізацыі і правядзення конкурсу, праяўляюць чуласць і ўвагу да сваіх вучняў, падтрымліваюць і развіваюць іх цікавасць да вывучэння беларускай мовы, літаратуры і мовазнаўства, раскрываюць іх здольнасці і талент.
Жадаем усім поспехаў! Шануйце родную мову, беражыце культурную спадчыну!
Адкрываю,
як свет,
нанова
беларускае
роднае слова,
пералівістае –
як каменьчык,
вясёлкавае –
як ручэй,
цёплае – як агеньчык
добрых тваіх вачэй,
светлае – як маланка,
гнеўнае –
як пярун,
ціхае –
як калыханка,
вечнае –
як Беларусь.
А. Канапелька